Старонка:Svejk.4.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на чарку». Зразумела пан Знаменачак разам з судовым прыставам стаялі, як укапаныя, але судзьдзя тупаў нагамі і крычаў: «Ці будзеце вы мяне слухаць?» Тады судовы прыстаў так перапужаўся, што пацягнуў ужо пана Знаменачака ўніз і каб не абаронца, што замяшаўся ў гэту справу і выклікаў хуткую дапамогу, дык я і ня ведаю, чым-бы ўсё гэта з панам Знаменачакам скончылася. А калі пана судзьдзю ўводзілі ў карэту хуткае дапамогі, ён усё яшчэ крычаў: «Калі вы ня знойдзеце вяроўкі, дык павесьце яго на ручніку… Мы пасьля ў канцы году разьлічымся з вамі». Швэйка, пасьля таго, як ён падпісаў складзены маёрам Вольфам протокол, адвялі пад канвоем да начальніка гарнізону. У протоколе гаварылася, што Швэйк, служачы ў аўстрыйскім войску, сьвядома і без усялякае дапамогі з боку, апрануў расійскую вайсковую форму, у якой яго і затрымала палёвая жандармерыя за лініяй фронту пасьля адыходу расейцаў. Усё гэта было сьвятая праўда і Швэйк, як праўдзівы чалавек, ня мог супроць гэтага пярэчыць. Калі-ж ён спрабаваў у часе пісаньня протоколу дадаць што-небудзь ад сябе, што магло-б больш высьветліць становішча, дык пачуўся крык пана маёра:

— Маўчы! Пра гэта я цябе ня пытаюся. Справа ясная.

Тады кожны раз Швэйк казыраў і казаў:

— Слухаю, я маўчу і, дазвольце паведаміць, справа ясная.

Пасьля таго, як Швэйка прывялі ў штаб крэпасьці, яго заперлі ў нейкую яму, што раней была складам харчоў і месцам разводу мышэй. На падлозе яшчэ ўсюды быў рассыпан рыс, а мышы зусім не баяліся чалавека і весела бегалі ўзад і наперад, падбіраючы рыс. Швэйку прынесьлі напханы саломаю сяньнік. Прывыкнуўшы да цемрадзі, ён заўважыў, што ў гэты сяньнік зараз-жа перасялілася цэлая мышыная фамілія. Ня было сумліву, што яна хацела зьвіць сабе гняздо ў астачы былое велічы — у старым аўстрыйскім саламяным сяньніку вайсковага ўзору. Швэйк пачаў барабаніць кулакамі ў дзьверы. Прышоў якісьці капрал, паляк, і Швэйк запатрабаваў, каб яго перавялі ў другое памяшканьне, бо ў іншым выпадку ён мог падушыць