Старонка:Spadchyna.pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 97 —

Са сьвятламі бязьмежна ўсясьвету,
Як сьвятло сам. лунае мой дух;
Аглядаю міры, як у сьне тым,
І жыцьцё абыймаю ўвакруг.

Над душамі, што шчасьця даўно весьць
Загубілі з адвечных нягод,
Я тварыў-бы нягадану повесьць
Вечных радасьцяў, вечных яснот.

Пяруны залатыя хапаў-бы,
Што у хмарах бушуюць агнём,
І страламі народны дух слабы
Развагняў, патрасаў-бы, як гром.

Млечны шлях, што нябесны дзядзінец
Засьцілаець, я-б зьняў на зямлю
І масьціў-бы ім новы гасьцінец,
Цераз родную ніву сваю.

Сонца ўзяўшы агністае ў рукі,
Што гарыць над бязьмерам палёў,
Я па млечным тым шляху бяз мукі
Чалавека да шчасьця-бы вёў.

Гэтак песьняй мой дух маладзіцца,
І на сьвеце жыву толькі ёй,
Хоць пішу кроўю гэты страніцы,
З свайго сэрца гарачай крывёй.

20/VII—13 г.

|}


ПЕРШЫЯ ПЕСЬНІ.

Першыя песьні—першыя чуткі
Шчасьце зазнаці хаценкі нясьмелай,
Першыя думкі вольнай мінуткі
Птушкамі вымкнуць на сьвет гэты белы.

Што іх чакае, што іх спаткае,
Чым блаславяць маладога музыку: