Старонка:Spadchyna.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 81 —

Так Бацькаўшчыну я здабыў сабе бяз злосьці,
Узрос з яе й чужых з яе ня скінуў косьці,
Грудзьмі тулюсь к ёй, як да матчыных грудзей.

І калі зьдзекваецца нада мною хтосьці—
Над Бацькаўшчынай зьдзекваецца ён маёй,
Калі-жнад ёй—мяне тым крыўдзіць найцяжэй.

1915 г.

|}


ПЧОЛЫ.

Мой сад калодамі абведзен мёдных пчол,
Што гаманяць, як неўгамонныя музыкі;
Іх з лета ў лета звоняць звончастыя зыкі
І далятаюць да блізкіх і дальніх сёл.

Я дбаю аб вульлёх,—куру, сьвянчу наўкол,
Запасу ў восень мёду кідаю вялікі,
Сьляджу зімою, каб чарвяк ня ўбіўся дзікі,
Вясною шчыра падчышчаю верх і дол.

Але як дойдзе час выходзіць рою ў сьвет,
Ён не садзіцца, дзе назначу я пасадку,
А коціцца, чужы дзе зацьвітае цьвет.

Або як мёд пайду я падглядаць у кадку,
І тут бяда—ня ўсё ў парадку і даглядку:
Як рой, і мёд падгледзіў ўжо сваяк-сусед.

7/XI—18 г.


НАША ГАСПАДАРКА.

Спрадвеку мы у родным краю гаспадарым,—
Свае загоны сеем, пасьцім статак свой;
З надзеяй сустрачаем выраі вясной,
З надзеяй ўвосень іх праводзім над папарам.

Спрадвеку ходзім пад панамі і пад царам
На недруга й на бліжняга свайго вайной,
Хоць нам за нашу кроў падзякаю адной—
Крыжы і хаты нашы скошаны пажарам!