Старонка:Spadchyna.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 46 —

Усходзьце багата,
Каб сейбіт быў рад.

Абходзь ты наўкола,
Рунь, Юр’я сьвяты!
Ты, добры Мікола,
Пільнуй ад слаты.

Дай, хмарка-вясёлка,
Жывучай расы,
Маланкай-агнёўкай.
Ня зводзі красы.

Свой град, Градавіца,
Ў пару сутрымай:
Пярун, Грамавіца,
Ў жніво сунімай!

20/XI—18 г.

|}


ПОЛЕ РОДНАЕ.

Ты і пелікай,
Ты і каменем
Апрыгожылась,
Поле роднае.

Ты і вёскаю,
Ты і горадам
Абнядолілась,
Поле роднае.

З непагодаю
І з няўродаю
Ты змагаешся,
Поле роднае.

Хоць куды, куды
Ты багатае,
Ты і ўбогае,
Поле роднае.