Старонка:Spadchyna.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 40 —

Здушылі, збэсьцілі ўсё чыста,
У чорнай яве, ў зводных снах,
Што ад прыроды шлях свой мела,
Што к сонцу мела вольны шлях.

На зьдзек прадажныя прарокі
І на гніцьцё у царстве цьмы
Вядуць аплучаныя тоўпы
Пад стогны вечныя турмы.

Над пакаленьнем неакрэпшым,
Над бедным краем-сіратой.
Груган з начніцаю сьляпою,
Банкет спраўляюць чорны свой.

Таўкуцца душы скамянелы,
Крывавы пот цячэ са шчок,
А ўсьлед над ім і за імі
Імчацца гібелі наўскок.

Нідзе ні ладу, ані праўды,
Званы хаўтурныя зьвіняць…
О Божа! ты хоць заступіся
Й ня дай да рэшты нам сканаць!

10/VI—14 г.

|}


НА СХОД.

На, сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход
Ідзі аграблены, закованы народ!

Як роўны йдзі жыхар між роўных жыхароў,
Аддай на суд свае ўсе крыўды, сьлёзы, кроў.

Аб вечным катаваньні, зьдзеку далажы,
І пакажы на курганы і на крыжы.

І аб раскопаных магілах не забудзь;
Дзе груганы тваіх там продкоў косьці рвуць,

Як гналі пот з цябе паны і каралі,
Як гналі проч цары з радзімае зямлі.