Старонка:Spadchyna.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 32 —

Як дасягнеш чужацкіх гонь,
Патопчаш ворагаву рунь,—
Ты Матку-Бацькаўшчыну ўспомнь
І ў бок кінь вокам сваіх пунь.

А чалавечае на цэль
Жыцьцё узяўшы на прасьцяг,
У грудзі сьвенчаныя стрэль,
Адно ня цэль ў крыж на грудзях!

Адважна ў бой!.. Вайна вайну
Спладзіла—хай-жа бітва йдзе
За шчасьця лепшага вясну,
За волю вольнай грамадзе!

Аб долі роднай стараны
Нам сьведчыць не адзін курган,
Дзе дрэмлюць слаўныя сыны;
А страж дзяржыць ноч ды туман.

|}


IV. РАЗЛУКА.

Вецер завыў па сялібах,—
Звоніць дый звоніць па шыбах;
«Лыска» на, прызьбе якоча;
Ў хаце ўдзень сумна, як ночай,

Над сталом бацька журбуе,
Галаву зьвесіў сівую,
Маці у кубле штось шнырыць,
Жонка дзяцей ціхамірыць.

Янка зьбіраецца ўпрочкі...
Ой, не на радасьць дні, ночкі
Сына «старая» пясьціла,
Каб рос ў розум і сілу!

Ой, не на помач ў бядноце
Даў «стары» склад у рабоце,
Дый не на ўцехі вялікі
Згралі вясельле музыкі.