Старонка:Spadchyna.pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 183 —

Сьмерць! сьмерць!.. Задымела пуховае пер’е,
З-пад сэрца кроў хлынула стужкай…
І, споўніўшы прыгавар, буслы ў бязьмер‘е
Ўзьняліся за дружкаю дружка.

Шнур доўгі паплёўся пад небам вячыстым,
Плыў з клёкатам далей і далей,
Аж згінуў з-пад вока у воблаках мглістых,
Спавіўся ў туманныя хвалі.

А там, а за выганам сьцелецца поле,
На полі рассыпаны косьці,
Над косьцямі вецер гуляе, скаголе,
Груган залятае у госьці.

А там, ля касьцей залаціцца пярсьцёнак,
А надпісь чужой на ім мовай:
«Як вернецца бусел з нязнаных старонак—
Ка мне мілы вернецца ўзнова…»

14/XI—18 года.

|}


ПЕРШЫ СЬНЕГ.

Халоднай пабелай магільна залёг
На зжатае поле, на скошаны лог.

Лёг пухам на лесе, на жоўтых лісьцях,
Абсеяў, абсыпаў прысады і шлях.

Так высыпаў зьзябна, бязрадасна сьнег
У першы папас свой, у першы начлег.

Ад стада адбіўшыся, птушка адна,
Квіліць і квіліць сярод бела радна.

На небе на сьнежным ні сонца, ні зор,
На гонях на сьнежных ні груд, ні разор.

Абсьнежаны сьвет без канца, без граніц,
Душа ажно тлее, як сьвечка з Грамніц.