Старонка:Spadchyna.pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 176 —

І да сына лісты пішуць:
—Прыяжджай, бо ўжо чуць дышыць
Маці стара і маячыць:
Цябе хоча ўсё пабачыць.

Сын варочаўся з чужыны
Да матулі, да хаціны
Ніто князем, ніто панам,
Ніто трэзвым, ніто п’яным.

Падышоў да ложка бліжай:
Маці сьпіць, як зьнята з крыжа;
Пахіліўся над ёй нізка,
Як яна здаўн над калыскай.

І старую разбуджае,
Нейкім словам пацяшае,—
Штось гаворыць і гаворыць,—
Тая слухае, як зморы.

Прыглядаецца матуля,
Што зрабілася з сынуляй:
Ён, ці не—стаіць у хаце,
Усё сіліцца згадаці.

І згадала, ой, згадала!
Енкнуць голасу сабрала,
Бы та каня над крыніцай:—
—Чужаніца, чужаніца!

Легла маці ў дамавіну;
Сын зноў ехаў у чужыну,
А за ім шумелі людзі:
Што-то далей з яго будзе?

22/II—14 г.

|}