Старонка:Spadchyna.pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана
— 151 —

Ня прышлося спачываці
Доўга Бандароўне,—
Наляцела, адшукала,
Дзікая пагоня.

З дзікім сьмехам учапілісь
За косы і рукі,
Пацягнулі нешчасьліву
На вялікі мукі.

Ночка цёмная глядзела,
Ды цямнейшай стала,
Адна зорка мігацела
І тая прапала.

VI.

Хто галубку убароніць
Ўсьцеражэ ад згубы,
Як няўбачна пападзецца
Ў каршуновы дзюбы.

Вырве сэрцайка няшчаснай,
Вып’е кроў чырвону,
Застануцца толькі косьці
На зямліцы соннай.

Застанецца памяць толькі
Ў стадзе галубіным,
Што ім выдзер хтось галубку
Крыважадным чынам…

Прыцягнулі Бандароўну
К пану у сьвятліцу,
Як праступніцу якую,
Ці як чараўніцу.

Ўбор дзявочы абарваны,
Зблытаныя косы,
Ў вочках толькі рдзяцца сьлёзы,
Як улетку росы.