Старонка:Spadchyna.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана
— 13 —

Зямлю ў сваёй адвечнай казцы
Трымае без граніц і мер…
Калісь і ты ў яго быў ласцы—
Меў з неба долю. А цяпер…

Цяпер яно сваймі сьлязамі
З табою плача над табой;
Шле буры, громы з пярунамі,
Каб сон збудзіць магільны твой!

|}


СВАЙМУ НАРОДУ.

Табе, Народ мой, згібнуты ў ваковах,
З-пад сэрца песьню гэтую пяю,
І, ускрашаючы мінуўшчыну нанова,
Выказваю цяпершчыну тваю.

Сягні ў даўно заснуўшыя сталецьці,
Заслону дзён уцёкшых адхілі,
І глянь, як сёньне твае жывуць дзеці,
Як ты жывеш на прадзедаў зямлі.

Дняпро і Сож, Дзьвіна, Вільля і Нёман
Шмат могуць што у памяці збудзіць,
Ды пушчы Белавежскай сумны гоман—
Паслухай толькі, што ён гаманіць:

Тваймі рукамі ўзьнесены замчышчы,
Глянь, зарастаюць дзікім палыном,
Па сьцен астатках вецер дзікі сьвішча,
Як-бы пяе памінкі быўшым днём.

Пяе аб тым, як гэтыя байніцы
Край сьцераглі на захад і на ўсход,
Як з поўначы разбойны чужаніца
Ня мог замчыскавых скрышыць варот.

Ты жыў, ты панаваў у краю родным,
Сьцярог ад чужака, й законы укладаў;
Звон вечавы сход склікаваў народны,
І сход аб шчасьці Бацькаўшчыны дбаў.