Старонка:Spadchyna.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 147 —

Да сягоньня жыве памяць
Аб злым гэтым дусе
На ўсёй чыста Украіне
І на Беларусі.

Ў сёлах, як клялі дагэтуль,
Так і праклінаюць,
У палацах яго толькі
Міла ўспамінаюць.

Аб прыгожай Бандароўне
І аб справах пана
Засталася ў народзе.
Песьня з давен-даўна.

II.

Ў слаўным месьце Берастэчку—
Слаўны Бандарэнка,
Ў яго дочка-Бандароўна,
Пашукаць—паненка.

Хараства такога ў сьвеце
Ня было, ня будзе;
Аб ёй людзі гаварылі,
Як аб нейкім цудзе.

Як маліны, яе губкі,
А твар, як лілея,
Як дзьве зоркі, яе вочы,
Гляне—сьвет ясьнее.

З плеч сплываюць яе косы,
Як-бы сонца косы,
І іскрацца, як на сонцы
Брылянцісты росы.

Рост высокі, стан павабны,
Ўся, як цень, павеўна,
Як ідзе яна, бывала,
На-бок каралеўна!