Старонка:Spadchyna.pdf/147

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 145 —

За днямі дні пабеглі шпарка,
Ў няпамяць шоў за годам год,
Мянялась сьвету гаспадарка,
Жыцьцё-быцьцё зьмяняў народ.

Той насып, дзе ляжаў Машэка,
У мох і дзерава аброс;
Пякла улетку яго сьпека,
Зімой трашчаў над ім мароз.

Машэкі імем сталі маткі
Пужаць, калышучы, дзяцей,
А кумкі, зьбегшысь на папрадкі,
Аб ім шаптаць адна аднэй.

Яго высокую магілу—
Дзе лес ды вецер панаваў—
Знаць, што вялікую меў сілу,
«Магілай Льва» народ назваў.

XX.

Над ёю з часам дрэвы палі,
І горад вырас, як з зямлі,
Яго Магілевам назвалі,
Бо йнакш прыдумаць не маглі.

Там, дзе пушчар быў і балота—
Муры глядзяцца ў раку,
Зіяюць вежы пазалотай,
Жыцьцё кіпіць, як у гаршку.

Пры самым месьце, дзе хаваці
Людцы нябошчыкаў нясуць,
Гару з магілкамі відаці—
Яе Машэкавай завуць.

І ціха, ціха на гары тэй,
Чарнеюць пліты і крыжы,
То летнім сонейкам сагрэты,
То зьзябшы ўзімку, ў маразы.