Старонка:Spadchyna.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 141 —

XIV.

Так страшным стала яго імя
На ўсю аколіцу з тых дат
Паміж сваімі і чужымі,
Як страшны імем сваім кат.

З сваёй бярлогі на дарогу
Вылазіў грозны, з булавой,
Як пошасьць, сеяў скрозь трывогу,
Загоны робячы крывёй.

Спачатку дань жыцьцём плацілі
Яму адны багатыры,
Пасьля знаходзілі ў магіле
Спачын і вёсак жыхары.

Не памагалі мольбы, чары,—
Крывавы суд тварыў, караў;
Абезгалоўлены ахвяры
З сабою ў пушчы забіраў.

Дарма шукаюць яго схову
Бацькі забітых і сыны,—
Адно зьбірае больш галоваў
Ён з непамернай тэй вайны.

Што дзень расьце Машэка ў славу,
Расьце з крывавага жніва,
Бароніць пушча яго справаў,
А гымн пяе яму сава.

XV.

Ці доўга йшчэ-бы гаспадарыў
Ён гаспадаркаю такой,
Крывёй палошчучы папары,
Крывёй гарачаю людзкой,

Каб ня сустрэў сярод дарогі
Адно здарэньне, як той вір,
Калі раз, выбрыўшы з бярлогі,
Йшоў з булавой сваёй на жыр.