Старонка:Spadchyna.pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 133 —

Але хоць сілу меў такую,—
Нікому крыўды не рабіў,—
Натуру меў ён залатую,
Як-бы ягнём, патульны быў.

Чаму ён так зьмяніўся з часам,
Што да разбойства давяло,
І да крыві людзкой стаў ласым,
Сваё пакінуўшы сяло?

Ці дома хлеба меў замала,
Ці крыўду вызнаў ад каго,
Ці мо’ прастору не ставала,
І ў пушчы стаў шукаць яго?—

Ўсё гэта ня было прычынай,
Але, як вестка падае,
Была прычынаю дзяўчына,
Машэка згінуў праз яе.

IV.

У вёсцы тэй, дзе жыў ён змалку,
Дзе пасьціў, дзе араў, касіў,
На воку дзеўку меў, Натальку,
Аб ёй аднэй ён тодькі сьніў.

Былі з сабою адналеткі,
На прызьбе рыліся ў зямлі,
На сенажаці рвалі кветкі,
Ўдагонкі разам часта йшлі.

Як толькі ён яе дагоніць,
Як пёрка носіць на руках,
Сьмяецца, весела гамоніць,
Хоць там дзяўчыну мучыць страх.

Калі ўжо сталі падрастаці,
К рабоце трэ’ было ісьці,
Дык ці то ў полі, ці то ў хаце
Умелі той таго найсьці.