Старонка:Spadchyna.pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 124 —

Ды, што плянэты гэтай аковы
Скінуў і воляй вечнай маяча,
Дух такі вольны вольнага духа
Пойме і такжа ўкрадкам заплача.

13/II—14.

|}


НЯ СУДЗІЛА ДОЛЯ

Ня судзіла ты мне, доля,
Быці рэчкай сярод скалаў,
У якой яна-бы вочкі
На паранку умывала.

Ня судзіла ты мне, доля,
Быці сонцам над крыніцай,
У якім яна-б сушыла
Ад сьлёз беленькае ліца.

Ня судзіла ты мне, доля,
Быці ветрам з-пад нябёсаў,
Аб які яна-б часала,
Заплятала свае косы.

Не судзіла ты мне, доля,
Быці птушкай у садочку,
Да якой яна-б паслухаць
Песьню вышла з церамочку.

Ня судзіла ты мне, доля,
Хоць далёкай зоркай быці,
На яку яна-б зірнула,
Мо’ хоць раз, хоць раз у жыцьці.

3/I—15 г.


А ЯНА

Гэткім шчырым каханьнем яе атуліў,
З гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы,—
Як і сонца ня туліць расквечаных ніў,
Як і зоры людзям ня ўглядаюцца ўночы!