Старонка:Spadchyna.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 122 —

БЫЎ ГЭТА СОН…

Быў гэта толькі сумны сон
Душы расплаканай маей,
Што сярод бледных будніх дзён
Я сьвята меў, глядзеў сьвятлей.

Быў гэта толькі сумны сон,
Што у вачох яе скрозь сьмех
Чытаў сьвяты сабе закон
Каханьня шчырага і ўцех.

Быў гэта толькі сумны сон,
Што вось інакшая яна,
І пойме болю майго стогн,
Зірне ў душу маю да дна.

Быў гэта толькі сумны сон,
Што разьвяду я з ёй бяду,
Што пад яе напеваў звон
Лягчэй к магіле дабрыду.

Ўсё для мяне быў гэта сон;
Хтось іншы яву меў ў жыцьці,—
Ён ёй і мне стварыў прытон,
А сам зыйшоў, каб… ня прыйсьці!

3/I—15 г.


ЎСПОМНІ!…

Ўл. Cтанкевічанцы.

Ўспомні, як згубіш крыльлі арліны,
Што мод у высях даюць лунаць,
І сіл ня хопіць табе, дзяўчына,
Сьвет і самую сябе змагаць!

Ўспомні, як сетку з пут павуціных
Мачыха-доля спляце у жыцьці;—
Як на растайных станеш пуцінах
І не згадаеш, кудой пайці!