Старонка:Spadchyna.pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 113 —

7. РАДАЎНІЦА.

На Радаўніцу мы на могілкі пайшлі,
Сьвянцонага з сабой астаткі ўзяўшы,
Як гэта з давен-даўна на нашай зямлі
Дзяды і прадзеды рабілі нашы.

Маніліся нябошчыкаў адведаць мы.
На могілкі народу шмат зышлося,
І людзі сноўдаліся між крыжоў, як цьмы,
Хістаючысь, як ветрам гнутае калосьсе.

На плітах каменных парос зялёны мох,
Бярозы, хвойкі плакалі над імі,
А пасярод капліца жутка, як астрог,
На сьвет глядзела вокнамі сьляпымі.

Ля насыпу мы з мілай селі ўстаране,—
Пад насыпам тым спала яе матка,—
І прашаптала мілая схіліўшыся ка мне:
«Адзін, адзін цяпер ты ў мяне, братка?»

Як боб, буйныя сьлёзанькі з яе вачэй
Пасыпаліся на магілку градам,
Здалося мне—заплакала і неба з ей
Над гэтым здушаным зямлёю садам.

Штось сэрца сьціснула, зірнула ў дно,
І паплыла сьляза ўсьлед за сьлязою,
А думаў, што ўжо ўсе іх выліў я даўно,
Што ў сьвет гляджу ўжо зрэнкаю сухою.

Ў магілках дрэмле бацька мой і два браты,
Сясьцёр малых зямелька абымае,
А я жыву на сьвеце доляй сіраты,
Мяне зямля за нейкі грэх трымае.

Пусьціўшы гэтак сумным думам павады,
Бязьмежны жаль паплыў ў душу крыніцай,
І я так сама, як яна тады, шаптаў:
«Адна на сьвеце ты ў мяне, сястрыца!»