Старонка:Spadchyna.pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 110 —

4. ЗА КРОСНАМІ.

За кросны ненагляднай сесьці трэ’ было,
Ядваб-кужэль сівенькі ткаць,
Але да гэтага прыладаў не было,—
Прылады стаў я майстраваць.

З бярозы вычасаў станы ёй новыя.
Набіліцы кляновыя зрабіў,
А панажы выстругаваў кляновыя,
Навой, як трэба, зарубіў.

Узяўшы дзічку-яблыню крамнястую.
Стругаў чаўнок гладзей ад шкла.
Купіў на рынку берда густа-частае.
Ніты сама яна спляла.

Садзіцца маё сэрца-ткаля ў кросенкі.
Набіліцамі громка б’е,
Кладуцца ўтоку гусьценька палосанькі,
Сучу я цэўкі для яе.

Так шчыра з ёю ўзяліся да рэчы мы;
Яна ўсё тчэ, а я сучу,
І ўкрадкаю любуюсь яе плечамі,
За белымі грудзьмі сачу.

Тчы мая, ткаля! Кроў твая ўзыгралася;
Маланкай гойсае чаўнок.
О, каб хаця аснова ўжо ня рвалася!
Каб моцны й спорны быў уток!

Няхай ад берда часта ўток калоціцца,
Кладзе шырокі гладкі сьцяг.
А доўгі—як рака, што ў мора коціцца,
Як між прысад гасьцінец-шлях.

Каб сьцежка, коцячыся, палатняная,
Дзе парастае дзівасіл,
Дайшла ў старонку знаную-нязнаную,
Туды, да бацькаўскіх магіл.