Старонка:Spadchyna.pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
— 102 —

Я КАЗАК—НЕ КАЗАК…

Я казак—не казак,
Што нагайкай сьвісьціць,
А казак, што калісь
Знаў, як волю любіць!

Што гуляў за Дняпром
Ад зары да зары,
Ў вольнай Сечы грымеў,
Як парогі ў Дняпры.

Што на бел-сьвет сьпяваў.
Песьні з поўных грудзей
І гасьцінна прымаў
З сьвету вольных людзей.

Што умеў пастаяць—
Паляцець у паход—
І за волю сваю,
І за ўвесь бедны род.

Што кароны пікой
І пасады ўстрасаў,
А законы крывёй
Самаўладцам пісаў!

7/VII—11 г.


Я І ВОЛЯ МАЯ.

Мы радзілісь на сьвет—
Я і воля мая;
Шчыра нас прыняла
Ўся людзкая сям’я.

Мы расьлі у дваём—
Я і воля мая;
Небу міла было,
Мела радасьць зямля.