1698 г., апрача дрэннай гравюры Апанаса Вашчанкі (хрыстос на троне), ёсьць яшчэ некалькі іншых аркушаў, рэзаных напэўна Васілём Вашчанкам; і ўрэшце, што d) найлепшым вытворам Васіля Вашчанкі зьяўляецца загалоўны аркуш да "Житія Святыхъ"[1]. Некаторыя з вызначаных намі дадаткаў Стасава былі прыняты пад увагу Равінскім пры выданьні вышэйпамянёнага рукапісу ў 1870 годзе[2]. Усе гравюры з прозьвішчам "Вашчанка" былі падзелены на тры групы. Сьпіс вытвораў Васіля Вашчанкі набыў пры гэтым наступны зьмест. 1) Загалоўны аркуш "Діоптры" 1698 г.; 2) "Вадохрышча" - там жа; 3) Ісус з крыжам - там жа; 4) Шэраг малюнкаў у "Акафістах" - Магілеў, 1698 (апрача гравюры "хрыстос на троне" на адвароце арк. 18, што адзначана два разы - як праца Апанаса Вашчанкі, і як вытвор невядомага майстра "Апанаса П."); 5) Загалоўны аркуш "Неба Новаго" 1699 г.; 6) Загалоўны аркуш "Перла МногоцѢннаго" 1699 г.; 7) Загалоўны аркуш да "Житія Святыхъ" 1702 г.[3].
Той жа сьпіс у некалькі скарочаным відзе быў паўтораны Равінскім у яго "Словаре русских граверов", пры чым засталіся чамусьці непамянёнымі ўсе паасобныя гравюры з "Діоптры" і "Акафістаў" 1698 г. У сьпіс увайшлі толькі загалоўныя аркушы, але да іх быў яшчэ далучаны "Ян Дамаскін" з "Осьмогласьніка" 1730 г.[4].
Нельга, аднак, сказаць, каб усе гэтыя сьпісы адзначаліся асабліваю паўнатой і дакладнасьцю. Нават з ліку падпісных гравюр Васіля Вашчанкі адна, а ўласна - "нараджэньне" з "Осьмогласьніка" 1730 г. - засталася ў іх зусім непамяненай, хаця з таго жа самага "Осьмогласьніка" Равінскі адзначыў "Яна Дамаскіна", і значыцца ў свой час трымаў яго ў руках, так што адсутнасьць "нараджэньня" ў яго сьпісах павінна быць вытлумачана нейкай нядбаласьцю. Далей, апрача "нараджэньня" істнуе яшчэ адзін, зроблены Васілём Вашчанкам, падпісны антымінс, які, праўда, Равінскаму напэўна быў невядомы. Нарэшце, з ліку непадпісных гравюр на падставе тэхнічных адзнак і стылістычных асаблівасьцей можна ўсё-ж прыблізнаю верагоднасьцю прыпісваць Васілю Вашчанку некалькі большы лік вытвораў, чымсі гэта было зроблена Стасавым і ўсьлед за ім паўторана Равінскім. Апрача гравюр з "Акафістаў" і "Діоптры", трэба напр., адзначыць застаўку з "Неба Новаго" 1699 г., а гэтаксама дзьве паасобныя гравюры - "укрыжаваньне Ісуса" і "Ісус з мячом", - якія знаходзяцца ў некалькі раз ужо памянёным намі "Осьмогласьніке" 1730 г. У адносінах да гравюр "Акафістаў" 1698 г. можна не абмяжоўвацца няяснымі паказаньнямі на "некалькі іншых аркушаў" (Стасаў), або "шэраг малюнкаў" (Равінскі), але спыніцца на некаторых зусім азначаных гравюрах, якіх апрача загалоўнага аркушу і паўторанага з "Діоптры" "вадохрышча" можна налічыць восем: 1) "благавешчаньне", 2) "васкрасеньне", 3) "Ян храсьціцель", 4) "усьпеньне", 5) "тройца з анёламі і праведнікамі", 6) "страшны суд", 7) "Ісус з дзяржаваю" і 8) "тайная вячэра".
Агульная колькасьць вядомых нам вытвораў Васіля Вашчанкі павінна быць, гэтакім чынам, выражана праз лік 22. З гэтага ліку неабходна выдзеліць дзьве паасобныя групы. Да першае з іх належаць падпісныя г. зн. бясспрэчна аўтэнтычныя яго гравюры, якіх мы можам налічыць 7. Другая група складаецца з 15 гравюр, якія ня маюць ніякага