Старонка:SLOVA.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Не сарокі так застракаталі: гэта едзе Ігаравым следам Гза з Канчаком. І тады груганы не закрумкалі, галкі замоўклі, сарокі не стракаталі, па лозах паўзлі толькі. А дзятлы тукатам к рэчцы шлях паказваюць, салавейкі вясёлымі песнямі раніцу згадваюць.

І гаворыць Гза Канчаку:

"Калі сокал ляціць да гнязда, мы застрэлім саколіча стрэламі сваймі залатымі!"

А Канчак Гзе адказвае:

"Калі сокал ляціць да гнязда, мы сакольца апутаем краснаю дзевай!"

А Гза кажа Канчаку:

"Калі мы яго дзеваю краснай апутаем, мець не будзема мы ні саколіча, ані краснае дзевы, ды пачнуць нас тады біці птахі ў полі Палавецкім!"

XII

І сказаў Баян аб днях Святаслаўлевых, Баян-песнятворац далёкага часу, Яраслаўлева, Олегава:

"Княжа! Хоць і цяжка табе, галаве, без плячэй, але трудна табе, целу, без галавы!

Так і Рускай зямлі без Ігара. Сонца свеціцца на небе, Ігар князь - на Рускай зямлі. Пяюць дзевы на Дунаі, галасы плывуць праз мора і да Кіева. Ігар едзе па Барычэву да святое багародзіцы Пірагошчай. Рады староны, весялы гарады.

Спяяўшы песню старым князям, а пасля маладым пяяці:

"Слава Ігару Святаслаўлічу, буй туру Усеваладу, Уладзіміру Ігаравічу! Здароўя князям і дружыне, выступаючым за хрысціян на войска паганых! Слава князям і дружыне!" Амінь.

Менск 30/X 19019 г.