Старонка:SLOVA.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

О, Руская зямля, ты ўжо за рубеж перасягнула!

Вось ветры, Стрыбожыя ўнукі, павеялі стрэламі з мора на храбрае войска Ігарава. Дудніць зямля; рэкі мутна цякуць; порась поле пакрывае; сцягі гамоняць.

Ідуць полаўцы ад Дона і ад мора, і ад усіх старон рускае войска абступілі. Дзеці нячысцікавы клікам поле перагарадзілі, а русіны храбрыя загарадзілі яго шчытамі чырвонымі.

Яр тур Усеваладзе! Стаіш у барацьбе й засыпаеш ты вояў варожых стрэламі, грыміш ты аб шоламы мячамі сталёвымі. Дзе толькі даскочыш, сваім залатым, тур, свецячы шоламам, ляжаць там паганыя галовы палавецкія. Пашчапаны гартоўнымі шаблямі й шоламы аварскія ад цябе, яр тур Усевалодзе!

Якая цана ранам, брацця, таму, хто забыўся пачоту й жыцця й Чэрнігава горада, забыўся на бацькаўскі стол пасады залаты, на сваю мілую пяшчоту, ясную Глебаўну, на звычай і абычай!

IV

Былі векі Траянавы, прамінуліся леты Яраслаўля. Былі паходы Олегавы, Олега Святаслаўліча: той-бо Олег мечам разруху каваў і стрэлы сеяў па зямлі. Ступае са звонам у стрэмя злачонае ў горадзе Тмутаракані, той звон даўны чуе вялікі Яраслаўлін сын Усевалад, а Уладзімір кожну раніцу затыкаў вушы ў Чэрнігаве. Барыса-ж Вячаслаўліча нядобрая слава на суд прывяла на апошні, і ў зялёным зацінні каяльным божую пасцель паслала за крыўду Олегаву, маладога і храбрага князя. З таей-жа Каял-ракі Яраполк палялеяў між угорскімі інаходамі бацьку свайго да Сафіі святое да Кіева.

Тады пры Олегу Гарыслаўлічу рассяваліся й раслі міжусобіцы. Гібнула жыццё Дажджбожага ўнука; у калатнінах князевых людзі свой век скарачалі.

Тады на Рускай зямлі рэдка пяяў аратай, але вараннё пакрумквала часта, дзелячы труп'ё між сабою, а галіцы гоман заводзілі свой, на ежу ляцеці збіраючыся.