Старонка:Pesni galby 1910.pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

СОН У ТУРМЕ.
Рана Сьцёпка прабудзіўся
І ляжыць — ня сьпіцца:
Сон яму такі прысьніўся —
Люба падзівіцца!
Бытцам жыта сеяць вышлі
Ў поле пры дарозі
(Сьцёпцы нават зышло з мысьлі,
Што ён у вастрозі).
Поле сонцэм скрозь заліта, —
Шырыня, раўніна!
Як-бы тукам глеба зліта;
Чарназём, ды гліна.
Не дакінеш проста вокам
Да суседзкай межы,
А на лузі іх шырокім
Стогі—як-бы вежы!
Ўсе суседзі тут у полі
Ходзяць с карабкамі,
Сеюць жыта на прывольлі,
Рэжуць дол плугамі,
Робяць гоні і разоркі…
Ветрык ціха вее.
Трохі оддаль, на прыгорку,
Вёска іх чарнее.
З-за мужычых хат адметна
Меж гумён, адрынак
Пазірае так прыветна
Сьцёпкі ўвесь будынак…