Старонка:Pesni galby 1910.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

С ТУРМЫ.
Цесна мне тут, горка мне,
Просіць сэрцэ волі;
Плачуць думкі па вясне,
Хочуць лепшай долі…
Гой, ты, лес, хваёвы бор,
Бор густы, высокі!
Неба сіняго прастор,
Стэп яго шырокі!
К вам хачу я, каб забыць
Усе мае нягоды
І свой голас разам зліць
С песьнямі прыроды.
Люб мне поўдзень, цішына
Раніцы прахладнай,
Крык у небі каршуна
Ў высі неагляднай;
Луг шырокі над рэкой,
Дубы і паляны…
Рвуся к вам я ўсей душой,
Родные курганы!…
Гой, ты, лес, зялёны бор,
Бор густы высокі!
Неба сіняго прастор,
Стэп яго шырокі!