Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Вось тут-та, брат, і гора тое
І гэта ліха насланое,
Што нам няма дзе зачапіцца,
І мусім з гэтым мы гадзіцца,
Пад дудку панскую скакаць
І іх загады выпаўняць —
Цябе-ж дзяруць, як тую ліпку! —
Марцін з кішэні вынуў піпку,
Цыбук заядла прадзімае
І піпку пальцам набівае.
— Цьфу! лае, бэсьціць з-за нічога!
А мух, брат, мух у носе многа!
І так нясецца ён, васпане, —
Тычына шапкі не дастане!
Не пазірае табе ў вочы,
Глядзіць, бы воўк той, заўжды скрыва,
І заўжды злосны ён на дзіва,
І заўжды лаяцца ахвочы…
Ды чорт яго бяры, Міхале!
Што зробіш гэтакай завале?
Ось будзем жыць сяк-так памалу.
Ці гэта ў першы раз Міхалу
Такія справы мець з панамі?
Няхай яны лепш здохнуць самі,
Чым мець праз іх яшчэ згрызоты.
Хіба-ж, Міхале, мы сіроты?
І пан, калі нам пашанцуе,
Пад нашу дудку затанцуе:
Няпраўда — згіне племя злое!
— Калі-ж-та будзе сьвята тое?
Хіба, як возьме нас магіла?
Ня наша, браце, а іх сіла!..
Адно, брат, тут: старацца трэба
Прыдбаць сваю скарынку хлеба,
Бо людзі кажуць: „Хлеб служачы
Ня надта добры хлеб — сабачы!
І не сабака страшан воўку,
Калі прышлося сказаць к слоўку,
Мой пане браце, мой Марцяга,
А няпрыемна яго зьвяга! —
Яшчэ крыху паразважалі
І трохі злосьць сваю сагналі.