Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Вось як цяпер, перада мною
Ўстае куточак той прыгожа.
Крынічкі вузенькае ложа
І ёлка ў пары з хваіною,
Абняўшысь цесна над вадою,
Як маладыя ў час каханьня,
Ў апошні вечар расставаньня.
І бачу лес я каля хаты,
Дзе калісь весела, дзяўчаты
Сьпявалі песьні дружным хорам,
З работ ідучы позна борам.
Нясьліся зыкі песень здольных,
Ў лясох раз-по-раз адбівалісь,
Ім ўзгоркі ўсюды адклікалісь,
І чулась радасьць ў песьнях вольных.
А хвоі, ёлкі векавыя
Пад зыкі песень маладыя
Маўчком стаялі ў нейкай думе,
І ў іх ціхусенечкім шуме
Няслось вячэрняе маленьне
Угару, сьвятое аддаленьне.
Каля пасады лясьніковай
Цягнуўся гожаю падковай
Стары, высокі лес цяністы.
Тут верх асіны круглалісты
Сплятаўся з хвоямі, з дубамі,
А ёлкі хмурымі крыжамі
Высока ў небе выдзялялісь,
Таемна з хвоямі шапталісь,
Заўсёды смутныя, бы ўдовы,
Яны найбольш адны стаялі,
І так маркотна пазіралі
Іх задуменныя галовы!
Лес наступаў і расступаўся,
Лужком зялёным разрываўся,
А дзе прыгожыя загібы
Так міла йшлі каля сядзібы,
Што проста імі-б любаваўся.
А зьнізу гэты лес кашлаты
Меў зелянюсенькія шаты
Лазы, чаромхі ці крушыны,
Алешын ліпкіх верабіны.