У іх фантазіі дзяцінай,
Затканай страху павуцінай,
Ўстаюць начныя страхі, здані,
І зыкі чуюцца пагані,
Чараўніка і чараўніцы
І лопат крыльлямі начніцы.
А кожны куст ім дзеда родзіць,
Таго, што ўсюды лазіць, ходзіць
З мяшком і мыліцай-кульбою
І з доўгай сівай барадою,
Ідзе і дзетак забірае,
Сьлед барадою замятае.
На полі неба лес страхлівы
Стаіць зацяты, нярухлівы.
Што ён ў сабе цяпер хавае?
Снуецца нечысьць там ліхая,
Сьмярцьвец пад ёлкай прытуліўся,
На іх цяпер утарапіўся
І зараз мёртваю рукою
Пачне хрысьціць перад сабою,
Каб рух адняць, скаваць іх сілу,
Каб зацягнуць іх у магілу.
Там ходзіць страшны воўк-бадзяга,
Разбойнік крадзецца, туляга,
З акрываўлёнаю рукою
І з страшнай цяжкай булавою.
Шалёны бегае, пужае,
Каго ні стрэне — ўсіх кусае…
— Ну, што, брат Костусь, ці баішся?
Куды так пільна ты глядзіш ўсё?! —
Алесь паціханьку пытае
І руку брата ня пускае.
— Ці бачыш што? — Не, так, нічога! —
Гаворыць Костусь, а ў самога
На лоб кучомка напаўзае…
— Мо’ пойдзем, братка? — ён гаворыць.
Алесь ахвоцен і ня спорыць.
Браты за рукі пабяруцца,
Ў зямлянку вобцас панясуцца.
|}