Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ўвадно вакенечка, крывая,
Але да часу добра й гэта.
Тымчасам сонца йшло на лета,
Дык так-сяк кідалісь, качалісь,
Хоць дужа з горам спазнавалісь.
Каля зямлянкі тут прыветна,
Гарэў агоньчык чуць прыметна,
Абы ня зьвёўся. Вечарамі
Тут маці ўходжвалась з гаршчкамі,
Сям’і вячэру гатавала.
Тагды зямлянка ажывала:
Сьмяялісь дзеці, мятусілісь,
Як рыба ў букце, варушылісь,
Бярвенцы, трэсачкі сьцягалі
Ды на агоньчык падкідалі.
Шугала полымя праворна,
Як-бы чагось каму сьмяялась
І то свавольна ўгору рвалась,
То расьцілалася пакорна.
А ветрык, злодзей, ня стрывае,
З-за хаткі хітра налятае,
Ў агоньчык раптам уварвецца:
Агонь туды-сюды матнецца,
І дымам ветра адбівае,
Як-бы тых жартаў ня прыймае,
А на двары ўжо вечарэе,
І ночка блізка, змрок гусьцее,
Агоньчык колер свой мяняе
І з чырван-жоўты блеск прыймае;
І моўкнуць птушкі ў цёмным лесе;
Баранчык божы ў паднябесьсі
Бляе маркотна над балотам,
Як-бы шукае ён каго там,
І гэта смутнае бляяньне
Ў цішы балот у час зьмярканьня
На сэрцы жалем аддаецца,
І ў душу журбаю ліецца
І мары розныя наводзіць.
І думка вынікне — праходзіць,
Як тыя хмаркі на заходзе,
Што без сьлядочка, быццам цені
У тужлівым нікнуць задуменьні.