Ўжо конь запрэжан і чакае,
Капытам дол б’е нецярпліва.
Тымчасам маці тарапліва,
Закон дзядоў сваіх спаўняе:
Кладзе кусочак хлеба з сольлю
Пад красны кут у завугольле,
Апошні раз глядзіць на хату,
Дзе многа дробязі на страту
Пашло ў час гэты перабору.
— А ну, ты, маці, йдзеш там скора? —
Міхась з двара яе пытае;
І маці хату пакідае,
Бо ёй самой тут не цярпіцца
І з плачам, хрысьцячысь, садзіцца,
Дзе дзеці дробныя сядзелі
І скарб быў зложан даражэйшы.
Алесь і Ўладзя, сын старэйшы,
Пайсьці пяхотам захацелі
І з дзядзькам лесам гналі стадка.
Апошні раз пустая хатка
З-за груш высокіх паказалась
Ды за узгорачкам схавалась:
І толькі комінак гаротна
Над дахам высіўся маркотна,
Ды студні вочап адзінока
Тырчаў над хатаю высока;
Гуменца смутна пазірала
І быццам поглядам пытала:
«Куды яны ад нас зьяжджаюць?
Чаму адных нас пакідаюць?»
|}