На твары сьлед пякельнай мукі,
На грудзі палі яго рукі.
Міхал яшчэ раз здрыгануўся,
Зяхнуў так цяжка, ўвесь памкнуўся,
Яшчэ раз вочы расчыняе,
Глядзіць, бы штось прыпамінае;
Ён цяжка дыша, духу мала,
І ўсё адразу ясна стала.
— Антоська!.. родны мой! канаю…
Перагарэў, адстаў, зьнікаю…
Вядзі-ж ты рэй, вядзі… адзін…
Як лепшы брат, як родны сын.
Бог ня судзіў мне бачыць волі
І кідаць зерні ў свае ролі…
Зямля… зямля… туды, туды, брат.
Будуй яе… ты дай ёй выгляд…
На новы лад, каб жыць нанова…
Ня кідай іх… Та-а-х! — І — гатова!
Ні слоў жывых, ні сэрца стуку,
І халадзеючую руку
Антось цалуе і рыдае
І к трупу з енкам прыпадае.
У полі, полі Пры дарожачцы Пахіліўся крыж Над магілаю. |
Беглі сьцежачкі Ў сьвет шырокенькі, Прывялі-ж яны К тэй магіланцы!… |
Ой, вы, дарожанькі людзкія,
Пуцінкі вузкія, крывыя!
Вы сьледам цьмяным снуяцеся
І ўсё блукаеце, бы ў лесе
Вас горне шлях прасторнай плыні
І далягляд. ружова-сіні,
Дзе так панадна сьвеціць сонца,
Дзе думка тчэ свае красёнцы,
Каб новы сьвет жыцьця саткаць,
Заспакаеньне сэрцу даць
І разагнаць яго трывогі…
Прасторны шлях! калі-ж, калі
Ты закрасуеш на зямлі
І злучыш нашы ўсе дарогі?
(Канец).
|}