Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Ў сястрычак Гэлі ці Ганулі.
А сёстры Юзіка цягнулі
За вушы з двух бакоў і білі.
Але іх старшыя мірылі,
На пожар злосьці лілі воду
І замацоўвалі так згоду:
— Ну, пацалуйцеся-ж вы з браткам! —
І ўсё йшло зноў сваім парадкам.
А за сталом маўчком сядзелі.
Там хлопцы гыркацца ня сьмелі,
Бо там парадак вельмі строгі,
Там падпілуюць табе рогі,
Калі парушыш дысцыпліну
Ды пад нядобрую часіну:
Дадуць там «лэмбуся» і «квасу»
Для навучальнасьці, сагласу.
І чуць што, часам, вынікала,
То бацька кідаў так, бывала,
На хлопцаў погляд выразьліва,
Што тыя ў лаву баязьліва
Траха са страху не ўпаўзалі,
Бо гэты погляд добра зналі.
Там і цяпер, як і заўсюды
Макалі ўсе з аднэй пасуды
І елі дружна, не драмалі;
Нарэшце ўсе па скварцы бралі.
Як верашчака ў дно спадала,
То маці есьці пакідала
Ды йшла ў камору па другое,
Яшчэ больш смачнае, ядкое,
І тарабаніла сюды
Для заканчэньня ўжо яды
Тварог, запраўлены сьмятанай,
Нясла з вялікаю пашанай.
За ёю хлопцы адставалі
І бацьку з дзядзькам пакідалі
Над верашчакай завіхацца.
Мужчыны бралі па аладцы
І аж пацелі, небаракі.
З аладкі дзядзька рабіў трубку,
Каб лепш здаволіць сваю губку
І больш зачэрпаць верашчакі.