Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У лесе кожная мясьціна —
Лужок, палянка, баравіна —
Асобны твар і выраз мае
І хоць што-небудзь выклікае
З таго, што памяць захавала.
Так. Тут было ўсяго нямала,
Тут частка жыцьця лясьнікова.
Ну, хоць-бы гэта вось дуброва!
Грыбоў улетку тут цьма цьмушча,
Народ сюды йдзе — гушчай-гушча.
Тут шум, тут крык, тут гоман, сьпевы,
Аж разьлягаюцца ў ёй дрэвы.
І вось, бывала, пан прыкажа —
Сюды расходзіцца ўся стража,
І робіць цэлую параду,
Як, дзе хітрэй зайсьці ў засаду,
І ўсё на гэтых людзей бедных,
Ўсё з-за паноў тых ненаедных.
Садзішся, ловіш. А другая
І на білет рубля ня мае.
І мусіш драць і з беднаты,
І вінават ня пан, а ты:
Не гаспадар злы — кажа ўсякі —
А гаспадарскія сабакі…
А гэты хвойнік абгарэлы!
Напэўна-б вышаў сказ тут цэлы,
Калі-б ад самага пачатку
Апавядаць вам папарадку;
Але Міхалу няпрыемна,
Бо й тут пан лаяўся дарэмна,
А ён стаяў, сьвяціў вачамі
Перад людзьмі і лясьнікамі.
Міхал ідзе, і думкі ходзяць
І ў пункт адзін яны прыводзяць:
Каб як зямлі сабе прыдбаць
І службы гэтае ня знаць,
Тады паны ўжо не пашкодзяць,
Ды толькі вось дзе закавыка:
Купіць зямлю — купіць ня лыка,
Тут грошы трэба — і ня сотка…
Эх, брат, рука, рука каротка!
Дзе ўзяць? І розум тут ня зьмесьціць,