Перайсці да зместу

Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

страшэнна доўга і асцярожна. Падзеі гэтага дня ўжо падрыхтавалі яго да таго, што невядомае мае схільнасць з'яўляцца самым нечаканым, неймаверным чынам. Нарэшце, нос яго дакрануўся парусіны. Ваўчок чакаў... але нічога не здарылася. Тады ён панюхаў гэтую дзіўную тканіну, насычаную пахам чалавека, Потым узяў яе зубамі і злёгку пацягнуў да сябе. Нічога не здарылася, хоць парусінавая сцяна і задрыжэла. Ваўчок пацягнуў мацней. Сцяна захісталася. Ваўчку гэта вельмі спадабалася. Ён цягнуў усё мацней і мацней, пакуль уся сцяна не пачала рухацца. Тады з вігвама данёсся рэзкі вокліч індзіянкі, і ваўчок кулём пабег да Кіч. Але з гэтага часу ён перастаў баяцца маячыўшых над яго галавой вігвамаў. Праз хвіліну ваўчок зноў адышоў ад маткі. Яе палка была прывязана да калочка, увагнанага ў зямлю, і ваўчыца не магла пайсці за Белым Клыком. Да ваўчка з ваяўнічым выглядам набліжаўся вялікі шчанюк, старэйшы і большы за яго. Шчанюка называлі Ліп-Ліп, як аб гэтым пазней даведаўся Белы Клык. Ён быў ужо спрактыкаваны ў баях і лічыўся сярод сваіх сабратаў забіякай.

Белы Клык прызнаў у шчанюку істоту сваёй пароды і, не чакаючы ад яго ніякіх варожых дзеянняў, прыгатаваўся прыязна прыняць яго. Але як толькі незнаёмы ашчэрыў зубы і ўвесь падабраўся для прыжку, Белы Клык таксама настаражыўся і таксама вышчарыў зубы. Натапырыўшыся і пагрозна рыкаючы, ваўчок і шчанюк пачалі кружыць адзін за адным, чакаючы далейшых дзеянняў. Гэта цягнулася некалькі хвілін, і Беламу Клыку такая гульня пачынала спадабацца. Раптам Ліп-Ліп зрабіў парыўчы прыжок, рвануў ваўчка зубамі і адскочыў убок. Ён укусіў ваўчка якраз у тое плячо, якое пасля бойкі з рыссю ўсё яшчэ балела, глыбока, каля самай касці. Белы Клык завыў ад здзіўлення і болю, але ў наступны-ж момант з лютасцю кінуўся на Ліп-Ліп і пачаў злобна кусаць яго.

Але Ліп-Ліп нездарма пражыў сваё жыццё ў лагеры і нездарма ўдзельнічаў у столькіх бойках са шчанюкамі. Тры, чатыры, шэсць разоў запар укусіў ён навічка сваімі маленькімі вострымі зубамі, і, нарэшце, Белы Клык з віскам ганебна ўцёк пад абарону маткі. Гэта