Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Дрэнныя справы, — адказаў Генры. — Жыўцом з'елі. Ён напэўна, не адзін раз цяўкнуў, калі гэтыя чэрці пачалі яго рваць.

— Фэці заўсёды быў дурнаваты, — сказаў Біл.

— У самага дурнога сабакі ўсё-ж хопіць розуму не ісці на верную смерць.

Ён агледзеў астатніх сабак, хутка ацэньваючы ў галаве вартасці кожнага.

— Наўрад ці хто-небудзь з іх зробіць такую штуку.

— Іх ад агню і палкай не адгоніш, — згадзіўся Біл. — Я заўсёды лічыў, што ў Фэці не ўсё ў парадку.

Такім было надмагільнае слова, прысвечанае сабаку, які загінуў на Паўночным шляху, — і яно было ніколькі не горш шмат іншых эпітафій сабакам, ды часта і людзям.

Раздзел другі

ВАЎЧЫЦА

Паснедаўшы і паклаўшы ў сані свае мізэрныя пажыткі, падарожнікі пакінулі ветлівы агонь і рушылі ў цемнату. І зараз-жа пачулася выццё — дзікае і сумнае выццё; ваўкі пераклікаліся адзін з адным скрозь змрок і холад. Развіднела ў дзевяць гадзін.

У полудзень неба на поўдні паружавела, у тым месцы, дзе крывізна зямлі ўстае загародай паміж паўдзённым сонцам і краінай поўначы. Але ружовы водбліск хутка згас. Шэрае дзённае святло, якое асталося пасля яго, пратрымалася да трох гадзін, потым і яно пагасла, і над бязлюднай і застыўшай краінай апусцілася завеса арктычнай ночы.

Як толькі надышла цемната, выццё, якое праследавала падарожнікаў і справа, і злева, і ззаду, пачулася бліжэй; часамі яно чулася так блізка, што сабак апаноўваў страх, і яны кідаліся, ахопленыя панікай. Пасля аднаго з такіх прыпадкаў панічнага страху, калі Біл і Генры зной упарадкавалі запрэжку, Біл сказаў:

— Хоць-бы яны на якую-небудзь дзічыну напалі і пакінулі нас у спакоі!

— Так, гэта вельмі перашкаджае, — згадзіўся Генры.

і яны змоўклі да наступнай стаянкі.

Генры нахіліўся над закіпаючым кацялком з бобам, падкладаючы туды колаты лёд, калі яго ўвагу раптам