Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пакуль ён з віскам і выццём адступаў назад, ласка падбегла да свайго дзяцёныша і схавалася з ім у гушчары. Боль ад укусу ўсё яшчэ не праходзіў, але Золь ад крыўды даваў аб сабе адчуць яшчэ мацней, і ваўчок сеў і ціха заскуголіў. Ласка-матка была такая-ж маленькая, а ўсё-ж кусалася балюча! Ваўчку трэба было даведацца, што, не гледзячы на свае размеры і сваю маленькую вагу, ласка — адзін з самых лютых, мсцівых і страшных драпежнікаў лясной Глушы. Ваўчок яшчэ не перастаў скуголіць, калі ласка-маці зноў з'явілася перад ім. Яна не кінулася на яго адразу, таму што дзяцёныш быў па-за небяспекай. Ласка асцярожна набліжалася да ваўчка, так што ён мог разгледзець яе тонкае, змяінае цела і высока паднятую галаву, рухомую, як у змяі. У адказ на рэзкі, пагражаючы крык ласкі шэрсць на спіне ў ваўчка паднялася дыбам, і ён зарыкаў. Яна падыходзіла ўсё бліжэй і бліжэй. Прыжок, за якім ваўчок не мог прасачыць сваімі неспрактыкаванымі вачыма, — і тонкае жоўтае цела на адну секунду знікла з яго поля зроку.

У наступны момант ласка ужо ўчапілася яму ў горла, глыбока пракусіўшы скуру.

Ваўчок рычаў і спрабаваў адбівацца, але ён быў вельмі малады, гэта быў яго першы выхад у свет, і таму рык яго перайшоў у віск, а жаданне змагацца змянілася жаданнем уцячы ад небяспекі. Ласка не адпускала яго. Яна ўсё вісела ў яго на горле, стараючыся дабрацца зубамі да вены, дзе пульсавала жыццё ваўчка. Ласка любіла кроў і лічыла за лепшае смактаць яе з горла — крыніцы жыцця.

Шэрага ваўчка чакала верная смерць, і апавяданне пра яго асталося- ненапісаным, калі-б ваўчыца не выскачыла з-за кустоў. Ласка выпусціла яго і кінулася да горла ваўчыцы, але, прамахнуўшыся, учапілася ёй у пашчэнку. Ваўчыца ўзмахнула галавой, як бічом, зубы ласкі сарваліся, і яна ўзляцела высока ў паветра. Не даўшы тонкаму жоўтаму целу нават апусціцца на зямлю, ваўчыца падхапіла яго наляту, і ласка сустрэла сваю смерць на вострых зубах ваўчыцы.

Ваўчку давялося адчуць новы прыліў пяшчотнасці з боку маці.