Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кім сне; але цяпер ён ужо добра бачыў, спаў менш і вельмі добра пазнаёміўся са сваім светам. Свет яго быў цёмны, але ён не падазраваў гэтага, бо не ведаў нічога іншага. Ваўчка акружала поўцемра, але вачам яго не даводзілася прыстасоўвацца да іншага асвятлення. Свет яго быў вельмі малым. Ён абмяжоўваўся сценамі логава; але ваўчок не меў ніякага разумення аб неабсяжнасці знешняга свету, і таму жыццё ў такіх цесных рамках яму не абрыдла. Між іншым, ён вельмі хутка выкрыў, што адна са сцен яго свету адрознівалася ад іншых. Там быў выхад з пячоры, і адтуль ішло святло. Ён выявіў, што гэтая сцяна не падобна на іншыя, яшчэ задоўга да таго, як у яго з'явіліся ўласныя думкі усвядомленыя жаданні. Яна непераможна забіла да сябе ваўчка яшчэ задоўга да таго, як ён здолеў зірнуць на яе расплюшчанымі вачыма. Святло, якое шло адтуль, біла яму прыплюснутыя павекі, і зрокавыя нервы запаляліся цёплымі іскрамі, якія прыносілі прыемнае і разам з тым дзіўнае адчуванне. Жыццё яго цела, кожнай яго клетачкі, жыццё, якое складала самую сутнасць арганізма і дзейнічала міма волі ваўчка, рвалася да гэтага святла, штурхала да яго цела, таксама як складаны хімічны састаў расліны штурхае яе да сонца. У самым пачатку, яшчэ задоўга да таго, як у ваўчка пачала прачынацца свядомасць, ён увесь час падпаўзаў да выхаду з пячоры. Сёстры і браты не адставалі ад яго. І ў гэты перыяд іх жыцця ні адно з ваўчанят ні разу не запаўзала ў цёмныя куткі ля задняй сцяны. Святло вабіла іх да сябе, як быццам яны былі раслінамі; хімічны працэс, які называецца іх жыццём, патрабаваў святла, яно было неабходнай умовай існавання; і малюсенькія шчанячыя цельцы паўзлі да яго, не разважаючы, пакараючыся інстынкту, як вусікі вінаграднай лазы. Пазней, калі у кожным з іх пачала выяўляцца індывідуальнасць, з'явіліся жаданні мыя пабуджэнні, цяга да святла толькі узмацнілася. Яны безупынна паўзлі і імкнуліся да яго, і маці прыходзілася ўвесь час заганяць іх назад.

Вось тут ваўчок даведаўся і аб іншых уласцівасцях сваёй маткі, апрача мяккага, ласкаючага языка.

Настойліва спрабуючы падпаўзці да святла, ён даведаўся, што ў маткі ёсць нос, якім яна ў пакаранне можа адкінуць яго назад; затым ён даведаўся і пра