Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

масць спрытным ударам лапы распароць далікатнае, нічым не ахаванае бруха.

Але праз поўгадзіны воўк падняўся, злосна зарыкаў на нерухомы клубок і пабег далей. Вельмі часта даводзілася яму ў мінулым пільнаваць дзікабразаў без усякага выніку, каб зараз траціць на гэта час. І ён пабег далей па праваму рукаву ручая. Дзень заканчваўся, а яго пошукі ўсё яшчэ не мелі поспеху.

Абуджаны інстынкт айцоўства кіраваў воўкам. Ежу трэба знайсці ў што-б там не было. У поўдзень Аднавокі наткнуўся на белую курапатку. Ён выбег з зарасніку хмызняка і апынуўся нос у нос з дурной птушкай. Яна сядзела на пні, на адлегласці якога-небудзь фута ад яго морды. Яны ўбачылі адзін аднаго адначасова. Птушка спалохана ўзмахнула крыллямі, але воўк ударыў яе лапай, зваліў на зямлю, кінуўся і схапіў курапатку зубамі якраз у той момант, калі яна пачала кідацца па снезе, спрабуючы ўзляцець на паветра. Як толькі зубы ваўка ўеліся ў далікатнае мяса, ламаючы крохкія косці, ён пачаў было есці птушку. Потым раптам успомніў нешта, і пусціўся бегчы да пячоры, нясучы курапатку ў зубах.

Прабегшы яшчэ з мілю сваім бясшумным поступам, слізгаючы, нібы цень, уважліва прыглядаючыся да кожнага новага павароту дарогі, ён зноў наткнуўся на адбітак тых вялікіх лап, сляды якіх ён яшчэ ўбачыў досвіткам. Сляды ішлі па яго дарозе, і ён прыгатаваўся ў любую хвіліну сустрэць уладальніка гэтых лап.

Аднавокі асцярожна высунуў галаву з-за скалы ў тым месцы, дзе ручай крута паварачваў убок, і яго пільныя вочы заўважылі нешта такое, што прымусіла яго зараз-жа прылегчы на зямлю. Гэта быў той звер, якому належалі вялікія сляды, — вялікая самка рысь. Яна ляжала перад дзікабразам, які скруціўся ў шчыльны клубок, у той-жа позе, у якой не так даўно ляжаў перад ім і воўк.

Калі раней ваўка можна было параўнаць з плывучым ценем, то цяпер гэта была здань таго ценю, якая асцярожна агінала маўклівую нерухомую пару з падветранага боку. Ён лёг на снег, паклаўшы курапатку побач з сабой, і праз іглы нізкарослай хвоі пачаў уважліва сачыць за ігрой жыцця, якая разгортвалася ў яго на вачах, — за прытоенай рыссю і прытоеным