Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А ваўчыца сядзела ўбаку і ўсміхалася. Відовішча бітвы выклікала ў ёй нейкае невыразнае пачуццё радасці.

Калі малады воўк ляжаў на снезе, ужо не рухаючыся, Аднавокі гордым поступам накіраваўся да ваўчыцы. Урачыстасць пераможцы змешвалася ў ім з асцярожнасцю. Ён прастадушна чакаў рэзкага прыёму і таксама прастадушна здзівіўся, калі ваўчыца не ашчэрыла на яго зубоў. Упершыню за увесь час яго сустрэлі так ласкава. Яна абнюхалася з ім і нават пачала скакаць і гуляць, зусім як шчанё. І Аднавокі, забыўшы свой стары ўзрост і ўмудранасць вопытам, таксама ператварыўся ў шчанка, бадай, нават яшчэ больш дурнога, чым ваўчыца.

Забыты былі і пераможаныя супернікі, і аповесць аб каханні, крывёю напісаная на снезе. Толькі аднаго разу напомнілі яны аб сабе, калі Адвокі спыніўся на хвіліну, каб залізаць раны. І тады губы яго злосна задрыжэлі, шэрсць на шыі і на плячах паднялася дыбам, кіпцюры сударгава ўеліся ў снег, цела выгнулася, прыгатаваўшыся да прыжка. Але у наступную-ж хвіліну ўсё было забыта, і ён кінуўся ўслед за ваўчыцай, якая чулліва вабіла яго ў лес.

А затым яны пабеглі побач, як добрыя сябры, якія прышлі, нарэшце, да ўзаемнага пагаднення. Дні ішлі, а яны не разлучаліся адно з адным, — разам гналіся за здабычай, разам забівалі яе, разам з'ядалі. Але праз некаторы час ваўчыцай аўладала трывога. Здавалася, яна штосьці шукае і ніяк не можа знайсці. Яе вабілі да сябе зацішныя месцейкі пад зваліўшыміся дрэвамі, і яна праводзіла цэлыя гадзіны, абнюхваючы зацярушаныя снегам расколіны ў кручах і пячоры пад навіслымі берагамі ракі. Старога ваўка ўсё гэта ніколькі не цікавіла, але ён добрадушна ішоў за ёй, а калі ў некаторых месцах пошукі ваўчыцы зацягваліся больш звычайнага, Аднавокі клаўся на снег і чакаў яе звароту.

Не затрымліваючыся доўга на адным месцы, яны прабеглі ўсю краіну і, дайшоўшы да ракі Макензі, адправіліся ўздоўж берага, час ад часу зварочваючы ў пошуках здабычы на невялікія прытокі, але нязменна варочаючыся да ракі. Часамі ім пападаліся другія ваўкі, якія брадзілі звычайна парамі; але ні той, ні