Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўздрыгануўся. Ён зірнуў на сваю руку, заўважыў, з якой спрытнасцю пальцы трымалі галавешку, як яны прыладжваліся да ўсіх яе няроўнасцей, ахопліваючы з усіх бакоў грубае дрэва, як мізенец, міжвольна, сам па сабе адсунуўся далей ад гарачага месца, — і ў тую-ж хвіліну ён ясна ўявіў сабе, як белыя зубы ваўчыцы ўразаюцца ў гэтыя тонкія, далікатныя пальцы і рвуць іх. Ніколі яшчэ Генры не любіў свайго цела так, як цяпер, калі існаванне яго было такім нетрывалым.

Усю ноч Генры адбіваўся ад галоднай стаі палаючымі галавешкамі, а калі змагацца са сном ужо нехапала сілы, яго абуджвалі віск і выццё сабак. Надышла раніца, але ўпершыню за ўвесь час ваўкі не разбегліся ад дзённага святла. Чалавек дарэмна чакаў гэтага. Яны па-ранейшаму акружалі агонь кальцом і глядзелі на Генры з такой наглай упэўненасцю, што ён зноў страціў мужнасць, якая вярнулася была да яго разам з дзённым святлом.

Генры зрабіў смелую спробу рушыць у дарогу, але як толькі ён вышаў з пад аховы агню, як на яго кінуўся самы смелы воўк са стаі; аднак, прыжок быў дрэнна разлічаны, і воўк прамахнуўся. Генры выратаваўся толькі тым, што адскочыў назад, і зубы ваўка ляснулі ў якіх-небудзь шасці дзюймах ад яго бядра.

Уся стая, ускочыўшы на ноті, кінулася да яго, і толькі палаючыя галавешкі адагналі яе на значную адлегласць.

Нават удзень Генры не адважваўся адыйсці ад агню, каб насякчы сукоў. Футаў за дваццаць ад стаянкі стаяла велізарная засохшая хвоя. Ён патраціў палову дня, каб расцягнуць да яе ланцуг агню, увесь час трымаючы напагатове для сваіх ворагаў некалькі палаючых галінак. Дабраўшыся да дрэва, ён азірнуўся вакол, выглядаючы, дзе больш галля, каб зваліць хвою ў тым кірунку.

Гэтая ноч прайшла таксама, як і папярэдняя, з той толькі розніцай, што Генры амаль не мог змагацца са сном. Ён ужо не прачынаўся ад рову сабак. Да таго-ж яны рыкалі, не сціхаючы, — і яго стомлены, ахоплены дрымотай мозг ужо не разбіраўся ў адценнях рыку.

Раптам ён прачнуўся, як быццам ад штуршка. Ваўчыца стаяла на адлегласці якога-небудзь кроку ад