Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Непапраўны грабежнік зноў узяўся за свае старыя ўчынкі.

Конюх уцёк на канюшню, а Белы Клык пачаў адступаць перад бязлітаснымі зубамі Коллі, кружачыся то ў адзін, то у другі бок і падстаўляючы пад яе укусы плячо. Але Коллі не пакідала яго ў спакоі, не абмяжоўваючыся на гэты раз звычайным пакараннем. Яе ўзбуджэнне і злосць распаляліся з кожнай хвілінай, і нарэшце Белы Клык забыў увесь свой гонар і ўцёк ад яе ў поле.

— Ён пакіне курэй у пакоі, — сказаў гаспадар, — але мне трэба застаць яго на месцы злачынства.

Выпадак здарыўся праз два дні, але гаспадар не мог і меркаваць, якіх размераў дасягне злачынства. Белы Клык уважліва сачыў за птушыным дваром і яго жыхарамі.

Увечары, калі куры ўселіся на нашэст, ён узлез на груду нядаўна прывезеных дошак. Адтуль скочыў на дах куратніка, пералез праз яго і саскочыў на зямлю. Секундай пазней у куратніку пачалася разаніна.

Раніцой, калі гаспадар вышаў на тэрасу, ён убачыў відовішча — пяцьдзесят белых легорнай ляжалі ў адзін рад. Скот ціха засвістаў, спачатку ад здзіўлення, потым ад захаплення. Вочы яго ўбачылі таксама і Белага Клыка, які не выказваў ніякіх адзнак замяшання або ўсведамлення ўласнай віны. Ён трымаў сябе вельмі горда, нібы і сапраўды зрабіў учынак, які заслугоўваў усялякіх пахвал і захаплення. Ён зусім не ўсведамляў усяго цяжару сваёй віны. Пры думцы аб меўшай быць яму непрыемнай справе гаспадар сціснуў губы. Затым ён рэзка загаварыў са злачынцам, які нічога не падазраваў, і ў голасе ў яго чуўся гнеў. Мала таго, гаспадар ткнуў Белага Клыка носам у забітых ім курэй і ўдарыў яго кулаком. З таго часу Белы Клык ужо не рабіў налёту на куратнік. Птушка ахоўвалася законам, і Белы Клык зразумеў гэта. Неўзабаве гаспадар узяў яго з сабой на птушыны двор. Як толькі жывая птушка заснавала ледзь не перад самым носам у Белага Клыка, ён зараз-жа кінуўся на яе. Гэта быў зусім натуральны рух, але голас гаспадара прымусіў Белага Клыка спыніцца. Яны прабылі на птушыным двары з поўгадзіны. і кожны раз, калі Белы Клык паддаваўся інстынкту і