Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

а толькі збянтэжана адступіў назад, стараючыся абегчы сабаку з боку. Белы Клык кідаўся з аднаго боку у другі, круціўся, але ўсё было дарэмна. Аўчарка перагараджала яму дарогу.

— Назад, Коллі! — крыкнуў незнаёмы чалавек, што сядзеў у калясцы.

Уідон Скот засмяяўся.

— Нічога, папа. Гэта добры ўрок для Белага Клыка. Яму да многага прыдзецца прызвычаіцца, і чым хутчэй, тым лепш. Нічога, абыйдзецца як-небудзь.

Каляска аддалялася, а Коллі ўсё яшчэ загараджвала Беламу Клыку дарогу.

Ён паспрабаваў абагнаць яе і, звярнуўшы з дарогі, кінуўся праз лугавіну, але аўчарка бегла па ўнутранаму кругу, і Белы Клык усюды натыкаўся на яе вышчараную пашчу. Ён павярнуў назад, спрабуючы перасячы дарогу, але і тут яна папярэдзіла яго намеры.

А каляска адвозіла гаспадара. Белы Клык бачыў, як яна паступова знікала за дрэвамі. Становішча было безвыходнае. Ён паспрабаваў апісаць яшчэ адзін круг. Аўчарка не адставала. Тады Белы Клык на ўсім хаду павярнуў на яе. Ён адважыўся на свой выпрабаваны баявы прыём, ударыў яе ў плячо і зваліў з ног. Аўчарка бегла так хутка, што ўдар гэты не толькі зваліў яе на зямлю, але прымусіў па інерцыі перакуліцца некалькі разоў. Яна завыла ад абурэння і абражанага гонару і, заграбаючы кіпцюрамі пясок, спрабавала спыніцца і ўстаць на ногі.

Белы Клык не чакаў. Дарога была свабодная, а яму толькі гэта і патрабавалася. Не спыняючы вішчаць, аўчарка кінулася за ім наўздагон. Ён кінуўся наўпрамік, а уменню бегаць аўчарка магла павучыцца ў Белага Клыка. Яна імчалася, як шалёная, напружваючы усе свае сілы для кожнага прыжка, а Белы Клык оўчкі імчаўся ўперад без ніякага напружання, праносячыся па зямлі, як здань.

Абагнуўшы дом, ён убачыў, як гаспадар выходзіць з каляскі, што спынілася ля пад'езду. У тую-ж хвіліну Белы Клык адчуў, што на яго рыхтуецца новы напад, Да яго бег борзы. Белы Клык хацеў яго прыязна сустрэць, але не здолеў спыніцца на поўным бягу, а борзы быў ужо амаль побач. Ён наляцеў на яго з боку. Ад такога нечаканага ўдару Белы Клык з усяго раз-