— Эх ты, небарака! — ласкава сказаў ён, пачэсваючы яму за вухам і гладзячы па спіне. — Ад'язджаю, старына. Цябе ў такую далечыню з сабой не возьмеш. Ну, пабурчы на развітанне, пабурчы, пабурчы як належыць.
Але Белы Клык адмаўляўся бурчэць. Замест гэтага ён паглядзеў на гаспадара сумнымі дапытлівымі вачыма і схаваў галаву паміж яго рукой і бокам.
— Гудок! — крыкнуў Мэт.
З Юкона даляцела прарэзлівае выццё параходнай сірэны.
— Канчайце развітвацца! Ды не забудзьце зачыніць пярэднія дзверы. Я выйду праз заднія. Спяшайцеся.
Абедзве дзверы зачыніліся адначасова, і Уідон Скот пачакаў на ганку, пакуль Мэт выйдзе з-за вугла дома. За дзвярыма чулася ціхае скуголенне, падобнае на плач. Затым Белы Клык пачаў глыбока, усімі грудзьмі ўцягваць паветра, прынюхваючыся да пахаў.
— Беражыце яго, Мэт, — сказаў Скот, калі яны спускаліся з узгорка. — Напішыце мне, як яму тут жывецца.
— Абавязкова, адказаў паганяты. — Паслухайце!
Яны спыніліся. Белы Клык выў, як выюць сабакі над трупам гаспадара. Глыбокае гора гучэла ў гэтым выцці, якое пераходзіла то ў раздзіраючае сэрца скавытанне, то у жаласлівы стогн, то зноў узлятаўшай кверху з новым выбухам роспачы.
«Аўрора» была першым параходам, які адпраўляўся ў гэтым годзе з Кландайка, і палубы яе былі перапоўнены пасажырамі. Тут таўпіліся людзі, якім пашанцавала ў пагоні за золатам, людзі, якіх залатая ліхарадка разарыла дашчэнту, — і ўсе яны імкнуліся пакінуць гэтую краіну, таксама як у свой час імкнуліся папасці сюды.
Стоячы каля сходняў, Скот развітаўся з Мэтам, які быў гатоў сыйсці на бераг. Але Мэт раптам утаропіўся вачыма на нешта, што знаходзілася ззаду гаспадара, і не адказаў на яго поціск рукі. Скот абярнуўся. Белы Клык сядзеў на палубе, у некалькі кроках ад іх і тужліва глядзеў на Скота.
Здзіўлены Мэт прамармытаў нейкі праклён. Скот глядзеў на сабаку ў поўным недаўменні.
— Вы замкнулі пярэднія дзверы?