Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Палову, — парашыў паганяты.

Скот павярнуўся да Прыгажуна Сміта.

— Чулі вы, жывёла? Я забіраю ў вас сабаку і плачу за яго паўтараста долараў.

Ён адкрыў бумажнік і адлічыў гэтую суму. Прыгажун Сміт заклаў рукі за спіну, адмаўляючыся ўзяць запрапанаваныя грошы.

— Не прадаю, — сказаў ён.

— Прадаеце, — заявіў Скот, — таму што я купляю. Атрымайце грошы. Сабака мой.

Усё яшчэ трымаючы рукі за спіной, Прыгажун Сміт адступіў быў назад. Скот зрабіў крок уперад і падняў кулак над яго галавой.

Прыгажун Сміт скурчыўся, рыхтуючыся атрымаць новы удар.

— Сабака мой... — прамармытаў ён.

— Вы страцілі ўсе правы на гэтага сабаку, — перабіў яго Скот. — Вазьміце грошы, або мне прыдзецца пабіць вас яшчэ раз?

— Добра, добра, — заспяшаўся Прыгажун Сміт і дадаў: — Але вы мяне вымушаеце гэта зрабіць. Гэтаму сабаку цаны няма. Я не дазволю сябе грабіць. Усякі чалавек мае свае правы.

— Правільна, — адказаў Скот, перадаючы яму грошы. — Усякі чалавек мае свае правы. Але вы не чалавек, а быдла.

— Дайце мне толькі да Даусона дабрацца, — прыгразіў яму Прыгажун Сміт, — я знайду на вас управу.

— Адважцеся толькі рот раскрыць, я вас хутка з Даусона выправаджу! Зразумелі?

Прыгажун Сміт буркнуў нешта сабе пад нос.

— Зразумелі? — загрымеў Скот, запаляючыся гневам.

— Так, — буркнуў Прыгажун Сміт, стараючыся хутчэй уцячы.

— Як?

— Так, сэр, — агрызнуўся Прыгажун Сміт.

— Асцярожней. Ён кусаецца! — крыкнуў нехта, і ў натоўпе пачаўся выбух рогату.

Скот павярнуўся да яго спіной і падышоў да паганятага, які ўсё яшчэ вазіўся з Белым Клыкам.

Некаторыя з натоўпу ўжо разыходзіліся; іншыя збіраліся кучкамі, паглядаючы на Скота і перамаўляючыся паміж сабой.

Да адной з гэтых груп падышоў Тім Кінэн.