Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гледачы крычалі, апладыравалі, а Прыгажун Сміт, які не памятаў сябе ад захаплення, не спускаў прагнага позірку ад Белага Клыка, што распраўляўся з праціўнікам. Справа мастыфа была безнадзейная. Ён быў надта грузны і непаваротлівы, і бойка скончылася тым, што Прыгажун Сміт палкай адагнаў Белага Клыка, а мастыфа выцягнулі з загародкі. Затым прайграўшыя заплацілі заклад, і ў руцэ Прыгажуна Сміта зазвінелі грошы..

З гэтага дня Белы Клык ужо з нецярплівасцю чакаў той хвіліны, калі навокал яго загарадкі зноў збярэцца натоўп. Гэта прадракала бойку; а бойка зрабілася цяпер для яго адзіным спосабам нейкім чынам выявіць жыццёвую энергію, якая накапілася ў ім.

Седзячы ў загарадцы, зацкаваны, ашалелы ад нянавісці, Белы Клык знаходзіў выхад для гэтай нянавісці толькі тады, калі гаспадар упускаў да яго ў загарадку сабаку. Прыгажун Сміт ведаў цану Беламу Клыку, таму, што Белы Клык заўсёды выходзіў пераможцам з такіх боек. Аднойчы да яго ўпусцілі трох сабак адзін за адным. Другі раз у загарадку ўштурхнулі толькі што злоўленага дарослага ваўка. А ў трэці раз яму давялося біцца з двума сабакамі адразу. З усіх боек, у якіх прыходзілася ўдзельнічаць Беламу Клыку, гэта была самая страшная, і хоць ён забіў абодвух сабак, але к канцу бойкі і сам ледзь дыхаў.

Восенню, калі выпаў першы снег і па рацэ пацягнулася сала, Прыгажун Сміт узяў месца для сябе і для Белага Клыка на параходзе, што адпраўляўся ўверх па Юкону да Даусона. Слава аб Белым Клыку разнеслася ўжо па ўсёй краіне. Ён быў вядомы пад мянушкай «баявога ваўка», і таму каля клеткі, у якую яго пасадзілі на палубе, заўсёды таўпіліся цікаўлівыя. Ён рыкаў і кідаўся на гледачоў або ляжаў нерухома і з халоднай нянавісцю глядзеў на іх. Хіба ён не павінен быў ненавідзець гэтых людзей, Белы Клык ніколі не ставіў сабе такога пытання. Ён ведаў толькі нянавісць і ўвесь аддаўся гэтаму пачуццю. Жыццё стала для яго пеклам. Белы Клык, як і ўсякі дзікі звер, які трапіў у рукі да чалавека, не мог сядзець на прывязі. А яму прыходзілася цярпець гэта. Людзі гля-