Перайсці да зместу

Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як толькі Белы Клык улёгся, Шэры Бобр, хістаючыся, падышоў да яго і абвязаў рамень вакол яго шыі. Затым Шэры Бобр сеў побач з Белым Клыкам, трымаючы ў адной руцэ канец раменя, а ў другой бутэльку, да якой ён увесь час прыкладваўся. Праз гадзіну пачуліся крокі. Белы Клык пачуў іх першы і, здагадаўшыся, хто ідзе, увесь натапырыўся, а Шэры Бобр усё яшчэ сядзеў і кляваў носам. Белы Клык асцярожна пацягнуў рамень з рук гаспадара, але аслабеўшыя пальцы сціснуліся мацней і Шэры Бобр прачнуўся. Прыгажун Сміт падышоў да палаткі і спыніўся побач з Белым клыкам. Той глуха зарыкаў на гэтую страшную істоту, не зводзячы вачэй з яго рук. Адна рука выцягнулася ўперад і пачала апускацца над яго галавой. Белы Клык зароў грамчэй. Рука павольна апускалася, а Белы Клык, злосна гледзячы на яе і задыхаючыся ад раз'юшанага рыку, усё ніжэй і ніжэй прыпадаў да зямлі. Праз момант клылі яго заблішчэлі, як у змяі. Рука адскочыла, і зубы з рэзкім металічным гукам ляснулі ў паветры. Прыгажун Сміт спалохаўся і прышоў у шаленства. Шэры Бобр ударыў Белага Клыка па галаве, і той пакорліва прытуліўся да яго ног.

Белы Клык сачыў за кожным рухам абодвух людзей. Ён убачыў, што Прыгажун Сміт пайшоў і хутка вярнуўся з вялікай палкай у руках. Шэры Бобр перадаў яму рамень. Прыгажун Сміт зрабіў крок уперад. Рамень нацягнуўся. Белы Клык усё яшчэ ляжаў. Шэры Бобр ударыў яго некалькі разоў, каб падняць з месца. Белы Клык пакарыўся і прыгнуў прама на чужога чалавека, які хацеў забраць яго з сабой. Прыгажун Сміт не адскочыў убок. Ён чакаў гэтага нападу і ўдарам палкі паваліў Белага Клыка на зямлю, спыніўшы яго прыжок на поўдарозе. Шэры Бобр засмяяўся і ўхвальна заківаў галавой. Прыгажун Сміт зноў пацягнуў за рамень, і Белы Клык, аглушаны ўдарам, ледзь падпоўз да яго ног. Ён не паўтарыў свайго прыжку. Аднаго такога ўдару было досыць, каб пераканаць яго, што белы бог умее дзейнічаць палкай. Белы Клык быў надта разумны і бачыў усю дарэмнасць барацьбы з немінучасцю. Падагнуўшы хвост і не перастаючы глуха раўці, ён пацягнуўся за Прыгажуном Смітам, які не зводзіў з яго вачэй і трымаў напагатове палку.