толькі каму-небудзь з іх пачаць бойку з Белым Клыкам, як усе іншыя сваркі ўмомант забываліся.
Аднак, загрызці Белага Клыка яны не маглі, пры усёй сваёй стараннасці. Ён быў надта спрытны для іх, надта грозны і разумны. Ён унікаў тых месц, дзе можна было папасціся ў бяду, і заўсёды ўхіляўся калі зграя старалася акружыць яго кальцом. А аб тым, каб збіць Белага Клыка з ног, не мог і падумаць ні адзін сабака. Ногі яго з такой-жа ўпартасцю чапляліся за зямлю, з якой сам ён чапляўся за жыццё. І таму ў той бясконцай вайне, якую Белы Клык вёў са стаяй, захаваць жыццё і ўтрымацца на нагах — былі для яго паняцці роўназначачыя, і ніхто не ведаў гэтага лепш, чым сам Белы Клык.
Такім чынам, ён стаў ворагам сваёй пароды. Такім зрабіла яго жыццё. Ён абвясціў крывавую помсту ўсім сабакам і помсціў так бязлітасна, што нават Шэры Бобр, у якім было досыць лютасці і дзікасці, не мог надзівіцца злосці Белага Клыка. «Няма другога такога сабакі!» — кляўся Шэры Бобр, і індзейцы з чужых пасёлкаў згаджаліся з гэтым, успамінаючы, як Белы Клык распраўляўся з іх сабакамі.
Беламу Клыку было каля пяці год, калі Шэры Бобр зноў узяў яго з сабой у доўгачасную паездку, і ў пасёлках ля Скалістых Гор і удоўж Макензі і Порк'юпайна, аж да самага Юкона, доўга памяталі расправы Белага Клыка з сабакамі. Ён захапляўся сваёй помстай. Чужыя сабакі не чакалі ад яго нічога дрэннага. ім не даводзілася сустракацца з праціўнікам, які нападаў-бы так імкліва і нечакана. Яны не ведалі, што маюць справу з ворагам, які забівае нібы маланка, з аднаго удару. Сабакі ў чужых пасёлках падыходзілі да Белага Клыка з задзёрыстым выглядам натапырыўшыся, а ён, не трацячы часу на папярэднія црмоніі кідаўся на іх з імклівасцю раскруціўшайся сталёвай спружыны, хапаў за горла і забіваў ашаломленага праціўніка, не даўшы яму апамятацца.
Белы Клык зрабіўся спрактыкаваным байцом. Ён біўся разважліва. Ніколі не траці сіл дарэмна, не зацягваў барацьбы. Ён налятаў і, калі здаралася прамахнуцца, зараз-жа адскакваў назад. Як і ўсе ваўкі, Белы Клык унікаў таго, каб біцца ўсутыч з праціўнікам. Ён