- 71 -
і ня ты́цкайся, тудэ́ма-сюдэ́ма, туды́, куды́ цябе́ ня про́сюць. Напі́ўся, нае́ўся, дык і маўчы́!
АЛЬЖБЕТА (/да Аґа́ты/). Што-ж там, сва́цейка, тако́е. Сват-жэ нічо́га благо́га не ка́же. /Да Паўлі́нкі/. Прыбіра́й ты ўжо, дзе́ткі, са стала́!
ПРАНЦІСЬ. Со́бственно, ці сьві́ні е́лі, ці шля́хта папа́сывалася — гэ́так, вось-цо-да, стол выгледа́е, па́не добрудзе́ю.
ПАЎЛІНКА. До́бра, ма́мка, за́раз. /Да Адо́льфа/. А пан Адо́льф мне памо́жэ?
АДОЛЬФ. Калі́ патра́плю, дык чаму́-ж не? /Прыбіра́юць са стала́; начы́не стауля́юць на табурэ́це каля самава́ру/.
АЛЬЖБЕТА. Вы-ж бы, дзе́ткі, занясьлі́ пасу́дак на ту́ю палаві́ну.
ПАЎЛІНКА. Ўсё́ ро́ўна; я по́сьле занясу́ сама́, а цяпе́р... /Пагледа́ючы плутава́та на Адо́льфа/ я баю́ся с па́нам Адо́льфам ісьці́ адна́ на ту́ю палаві́ну: ён такі́ да ўсяго́ ма́е і́мпэт...
АДОЛЬФ (/нясучы́ пасу́дак у старану́ пу́блікі/). Віда́ць, дзе́ўка улялю́скалася ў мяне́ па са́мую шыю.
ПАЎЛІНКА (/ідучы́ к сталу́, ў старану́ пу́блікі/). І со́біла-ж Бо́гу ствары́ць гэ́ткую чапялу́ недарэ́чную!