Старонка:Geografija Eŭropy. Pradmova Ahlad.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

——— 17 ———

«трундра» значыць «бязьлесная зямля»). Хіба дзе-ні-дзе спаткаеш крывую карлу-бярозку або паўзучую падканцавосную вярбіну.

Сваім знадворным выглядам тундра нагадвае нашыя імшары. Неаглядныя прасторы пакрыты там толькі тарфяным мохам, у якім хаваюцца журавіны ды расіца. Па сушэйшых месцах расьце яшчэ брусьнічнік, розныя краскі й травы, а там, дзе на паверхню выступаюсь голыя скалы, трапляюцца галоўным чынам сівыя лішаі, напрыклад, так званы аленяў мох, які дадае тундры ўлетку шэры, нудны, аднастайны колер. Узімку тундра на многа месяцаў апранаецца скрозь грубым насьцілам сьнягоў.

На поўдзень ад тундры цягнецца значна шырэйшы пас ігластых лясоў. На захадзе (на Фінска-Скандынаўскім паўвостраве) гэтыя лясы складаюцца толькі з хвой ды елак, сярод якіх часамі туляцца бярозкі. На ўсход ад Онескага возера да гэтых дрэў патроху далучаюцца сібірскія гатункі ігластых дрэў: сібірская мадрына, сібірская ельніца, сібірская кядровая хвоя. Гэта — так званая тайга, лес, досыць рэдкі, складзены з дрэў, пакрытых лішаямі, ня вельмі высокіх, хаця ўжо і старых. Па вадападзелах сярод ігластых лясоў раскіданы вялізныя прасторы імшараў, нібы тундравыя астравочкі сярод тайговага мора. Каля Фінскае затокі, Нявы й Вышняй Волгі да ігластых дрэў далучаюцца патроху шырокаліставыя дрэвы: дубы, клёны, ліпы, вязы. Тайга пераходзіць у пас мяшаных лясоў, да якога належыць між іншым і Беларусь. Чым далей на поўдзень і захад, тым цяплейшы клімат, а з гэтай прычыны тым часьцей і часьцей сустракаюцца ліставыя дрэвы ў пасе мяшаных лясоў. Ужо на Беларусі можа расьці граб, які ня можа вытрымаць зімовых халадоў Маскоўшчыны, а на захадзе Эўропы, дзе зіма яшчэ цяплейшая, могуць расьці яшчэ далікатнейшыя дрэвы, напрыклад, бук, якога няма ўва Ўсходняй Эўропе, у тым ліку й на Беларусі. На крайнім захадзе да буку далучаюцца ядобны каштан, грэцкі арэх і некаторыя вечназялёныя дрэвы. Сярод мяшаных лясоў часам яшчэ сустракаюцца імшары, але часьцей з лясамі там чаргуюцца травяныя балоты, дзе пануюць ня мох, а асака, чарот, касачы, бабок і іншыя балотныя расьліны. Вельмі многа такіх балот на Палесьсі. Мяшаных лясоў засталося значна меней, як ігластых. У пасе мяшаных лясоў раней асталяваліся людзі, раней пачалі займацца ральніцтвам і павысякалі значна большыя прасторы, як на поўначы. Асабліва зьмяніўся выгляд расьліннасьці ў Заходняй Эўропе. Лясы там замяніліся нівамі, садамі ды паркамі, а калі дзе-колечы і захаваліся лясы, дык пераважна штучныя, насаджаныя чалавекам.

Грунты лясных краёў зьмяшчаюць мала спажыўных для расьлін частак перагною. У лесе заўсёды ў грунтох шмат вады, якая раскладае перагной і выпаласквае яго з грунту. Дзеля гэтага перагной там ёсьць толькі ў малой колькасьці, галоўным чынам, у самым верхнім пласьце, у якім замацоўваюцца карэньчыкі траў. Гэты пласт завецца дзярном і мае