ПЕСНЯ 4
Ехала Агатка да вянца,
Сыпала золата з рукаўцы;
Хто гата золата пабярэць,
Той мяне на вянец павядзець.
З вясельнай песні беларускага люду
«Начніце варгі[1] нашы хваліць Панну свенту!
Начніце апавядаць чэсць ей непаенту», —
Гэтак тонкім галасочкам
У двары раз вечарочкам
Кацярынка прыпявае:
Яна ў добрай ахвоце
Хваліць Бога пры рабоце,
А пані ёй памагае.
Цяпер нашу Кацярыну,
Тую сельскую дзяўчыну,
Хто б сустрэнуў — не спазнаў;
Панску гаворку сумела
І сукеначку надзела,
Быццам паненка — маўляў!
А хоць яна пакідала
Яркі каснікі, гарсэт,
Да ў душы не перастала
Уздыхаць да прошлых лет.
Вот часта яна ў святкі
Пабяжыць да сваёй маткі,
Да сэрца яе прыляжа,
Роніць слёзкі дый так кажа:
«Радная ты мая маці!
Пажалей свайго дзіцяці,
Слёзкі яго асушы.
Гдзе ж Гапонка наш дзяецца,
Як беднаму там вядзецца?
Цяжанька ж мне на душы.
Яшчэ б штоб Усціння жыла,
Яна б з наі патужыла,
Утраім было б лягчэй;
А то цёмная магіла
Яе, родную, пакрыла, —
Не змагла тугі сваей».
Вось так, баш, як мы казалі,
Яны з паняй вечарком
Святы песні запявалі,
Аж лакей убег прытнём[2]
Дый кажа: «Пані вяльможна!
Заехаў у двор цяпер
Якісь важны ахвіцэр
І пытаецца, ці можна
З яснай паняй павідацца.