Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Па-над рэчкай
Туманам белым
Спаць лажыуся
Ружовы вечар.
Толькі хвалямі
Хвіля за хвіляй,
Калыхала пяшчотна Прыпяць…
Там —
Дзе сонца агнёвымі крыллямі
Хоча слёзы балота выпіць.

1926


Я ведаю,
Што хутка першы снег
Убеліць той палац,
Дзе распрануліся прыгожыя бярозы,
І возера,
Дзе я на чоўне ехаў,
Зіма сярдзітая
Надоўга замарозіць.

Мне дзіўна так,
Чаму люблю зіму я,
Чаму люблю
Сыпучы снег — пуховую пасцель.
Ой, край вясны,
Дзе я цяпер зімую,—
Узімку тут
Расце ўсё і цвіце.

Калі гляджу на лес,
Што пахмурнеў і шэпча
Ад сцюжы зімніх дзён
І снежнай завірухі,—
Здаецца, мудрае
Сабраць ён хоча веча…
І хоча ён,
Каб дум яго
Ніхто не знаў і не падслухаў.